мае новыя вершы ~ мои новые стихи



*
З табою –
Без цябе.
Трывожна і спакойна.
Заваражыла нас
Самотная струна.
Зусім не пахне бэз,
Скамечаны, прагорклы,
І сонца пад вадой
Даўно не сніцца нам.

5.06.04


*
Мой настрой як згустак суму.
Ты нашто мяне прыдумаў?
Мо, каб праспяваць уночы
Пад мелодыю дажджу?..

Дзе слупкі, а дзе куплеты?
Хто сказаў, што ты – з паэтаў?
Ты ж маё чытаць не хочаш,
Як табе не падпішу.

14-15.07.04


*
Я нічога не гавару,
А таму не чакаю адказу.
Я – у чоўнік сцюдзёных рук –
Дождж лаўлю ў марнаванні часу.

Што з табою, што без цябе –
Бачу зноў выпадковы бераг.
І глыбока схаваны свет
Адчувае ваганне веры.

Ты і я – а інакш ніяк,
Нас з табою звяла навальніца.
Ты забыў парасон, а я
Запрасіла пад свой – абсушыцца…

16-17.09.04


*
Я ляжу,
Гляджу – у неба.
Ведаеш, там столькі птушак,
Столькі адзінокіх душаў,
Столькі сплаканых вачэй…
Небу ў цяжар іх трывогі,
Але ўсіх рэлігій богі
Раяць патрываць яшчэ.
Дакрычацца – няма змогі.
Душы-птушкі,
Вас ці ўчуюць?
Час бяжыць… Вада цячэ…

4.11.04


*
Першы снег -
І гадзіннік спыняе свой бег.
І калматыя цені -
У хітраспляценнях.
Узаемная непагадзь
Не супадзенне -
Сёння нашыя сэрцы
Студзіў першы снег.

А па шыбах сцякае святая вада...
І апошнія ноты замерзлі ў вушах.
Як няма чаго слухаць, тады прачытай:
Калі снег скажа "не", значыць дождж скажа "так".

Снег ці дождж? -
Хто б ні быў, ты мяне не трывож.
Плач пад вокнамі ўночы -
Пачую аднойчы
І праз шыбу зірну
Ў твае сумныя вочы
Толькі раз, каб задумацца
Снег ты ці дождж.

А па шыбах сцякае святая вада...
І апошнія ноты замерзлі ў вушах.
Як няма чаго слухаць, тады прачытай:
Калі дождж скажа "не", значыць снег скажа "так".

18.11 - 28.12.2004


*
Мой горад чакаў. У здранцвелым чаканні
Стаялі дамы і сівелі снягі.
І я ў завірусе на плошчы вакзальнай
Чытала з табло за радкамі радкі.

Чытала. Чакала. Было іх нямала -
Мой горад чакаў - і былі цягнікі.
І нечыя стрэчы на ганку вакзала.
І дотык пяшчотны да любай шчакі.

А я ўсё чытала, а я ўсё чакала,
Мой горад чакаў - не было ў ім цябе.
І зала чакання зрабілася залай
Адчаю майго і няўмення цярпець.

Чарговыя цягнік - і чарговыя стрэчы.
Мой горад чакаў - і чакала ў ім я.
Не ты - завіруха мне ўхутвала плечы.
І стукала ў скроні мае цішыня...

6.02.2005


На главную




Реклама от Яндекс
купить квартиру Киев |  
Hosted by uCoz