Вольга Базылёва

 

Рыжая восень вярнуцца цябе не папросіць…

(мае новыя вершы)

 

*

І прыклаўшы да вуснаў

Намалёваную ўсмешку,

Ён ідзе насустрач,

Уяўляючы, што няспешна...

"Вы не будзеце парай!" -

Нам знаёмыя ў спіны крычалі.

Пахаваў ён гітару

У запыленым футарале.

Я зламала пяро,

Я алоўкам пісала, каб сцерці.

І гарачая кроў

Паступова астыла пад сэрцам.

Ён ідзе насустрач,

Але проста праходзіць міма.

Мы прывыклі слухаць

Парады - і сталі чужымі...

5.05.03 - 24.02.2004

*

Мой анёл

Быў сівы ад снегу -

Адагрэла яго ў далонях.

Папрасіўся ў чужое неба -

Ці магла яму

Не дазволіць?

Апяклі яго зоры чужыя, -

Крылы склаўшы,

Упаў ён долу.

Пальцы змерзлі -

Не падхапіла.

І не стала

Майго анёла...

19.04.2004

*

І я не я,

Бо я сябе згубіла.

І ты не ты,

Бо не знайшоў мяне.

Мы для палёту

Ашчаджалі сілы -

Хадзілі напрасткі

Праз гэты свет,

Перасыпалі нафталінам

Крылы

І з зайздрасцю глядзелі

Птушцы ўслед.

І ты не ты,

Бо я цябе забыла,

І я не я,

Бо ты забыў мяне...

19-21.04.2004

*

Адповедзь першай навальніцы.

Пад гулкі дождж

Прыходзь у сне

Сваёй трывогаю дзяліцца,

Калі ты помніш пра мяне...

Прыходзь. Я абяцаю цішу,

Няхай у дахі б'е пярун,

Няхай чытае вецер кніжкі,

Дождж абрывае ніткі струн.

Прыходзь. Я моўчкі буду слухаць,

Нібыта чую ў першы раз.

...І развітальны пацалунак

Ты атрымаеш як адказ...

25-30.04.2004

*

Рыжая восень

Вярнуцца цябе не папросіць.

Ёй не да клопатаў -

Знойдзены сёння спакой.

Спыніцца на паўдарозе

Аслаблае сонца.

Ластаўка

Ў шэрае неба

Пакліча з сабой.

Я не спытаю цябе

Пра апошняе лісце:

Лісце апала,

І мары апалі за ім.

Нашы з табой гарады -

Не суседзі - сталіцы,

Вочы мае не прысняцца

Ніколі тваім...

28-30.04.2004

*

Цягнецца, трапеча павуцінка,

Нанізаўшы пацеркі расы.

Сонца ў тонкай,

Сонца ў светлай нітцы -

Звоняць зырка ў кроплях галасы.

Я малюся сонцу і, свой подых

Тоячы, ля ніткі той стаю.

Я на ёй чытаю павароты,

Быццам лінію жыцця сваю.

Сонца хіліцца да гарызонту,

І згасаюць промняў галасы.

Павуцінку вецер знёс на ростань -

Зноў мне выбіраць, куды пайсці.

28-29.04.2004

*

У цемры промень патанаў,

Мая далонь яго злавіла.

Ступіць цягнула ў чорны стаў

Нябачная нямая сіла.

Вада ўкрывала сцёгны, плечы

І гладзіла па галаве,

А рэха, заблукаўшы ў лесе,

Адказвала "ау" саве.

Нясмела чоўнік плыў па ставе.

Яго кранула я рукой -

Як ліст апалы, завагаўся

І больш не верыў у спакой.

Калі на досвітку прачнуўся

Птушынай песняй весні лес,

З маёй далоні саслізнуўшы,

Згубіўся промень у святе.

29-30.04.2004

*

Ведаеш, гэта занадта:

Проста пайсці ў нябыт!

Стоячы пад зарападам,

Зорны збіраю пыл.

Зорны - і раптам чорны

Выйшаў на пальцах ён.

Што ж ты, мой верны жораў

Ходзіш усё жыццё?

Ты памыляешся, мілы:

Вера ёсць вера ў палёт,

Нават падрэзаным крылам

Сілы вяртае лёс.

Ведаеш, гэта занадта:

Проста пайсці ў нябыт...

Стоячы пад зарападам,

Крылы расправіў ты.

29-30.04.2004

*

"Каласы пад сярпом тваім"

Чакала нас з табой пятля,

А лёс

Па ўсіх шляхах матляў,

І неба

Ўсе дажджы ліло -

Ні ў дапамогу, ні на зло.

Мы звыклі

Сонцу ў твар глядзець

І подых

Давяраць вадзе.

Насіла нас адна зямля,

А дачакалася пятля...

29.04.2004

*

Моўчкі. Зморана. Нядужна.

Я пазбыцца мараў мушу.

Я не птушка.

Толькі клетка залатая

Крэсліць неба.

Разглядаю

Свет праз краты.

Бачу я цябе ў пакоі.

Ты - мой гаспадар. Ты - вольны.

Толькі...

Сам сябе схаваў за краты,

Не ляціш, хоць крылы маеш,

Не спяваеш...

29-30.04.2004

*

А.П.

За дзённай мітуснёй - начная адзінота,

Даўно ў тваіх руках самлела кніга сноў,

А тая, для каго ты пішаш вершы ўпотай,

Не думае прыйсці, не верыць у любоў.

Бясконцы лістапад календароў - у звычку.

Зноў мітусіцца дзень, за ім сумуе ноч,

А тая, што ў сваім нататніку запіша

Пра стрэчу не з табой, - у сэрцы ўсё адно.

Няма калі тужыць і абурацца лёсам.

Чарговы дзень падзей сарвеш з календара,

А тая, для якой ты - "проста несур'ёзна",

Бяссонніцу сваю дачытвае адна...

30.04.2004

*

Мне лётаць хочацца,

А крылы цягнуць долу.

Каторы раз

У сэрцы цішыня.

Пішу лісты -

І ломяцца алоўкі -

Да кропкі я

Не дацягну ніяк.

Ліст не дасланы -

І няма адказу.

Ты знік. А за табой -

Заслонай дождж.

Вятры халодзяць вочы,

Рукі вяжуць.

Сплывае дзень,

І надыходзіць ноч.

Ад спробаў лётаць

Занямелі крылы,

Стаю ў вадзе,

Лаўлю ваду ў далонь.

Вада ўва мне -

Таму не запаліла

Я ў сэрцы апрытомнелым

Агонь...

24.05.04

*

Адцвітуць дзьмухаўцы,

Адпухнацяцца

І разбягуцца -

У паветры блукаць,

Паратунку ад ветру

Шукаць.

І прысніцца гняздо

Для палёту народжанай

Птушцы,

А разбітаму чоўну

Прысняцца

Вясло і рака.

Будзе плакаць ў голлі,

Спрабуючы вырвацца,

Вецер,

Толькі пальцам учэпістым

Не надакучыць трымаць.

А пялёсткі

Зямлю зацярушаць,

І водар іх смерці

З пахам вішань зялёных

Сальецца.

...І скончыцца май...

24.05.04

*

Аголены провад танюткага нерва.

Палёгку ў слязах не знайсці.

Мяне ў гэтым свеце згубілі, напэўна,

Анёлы самот-насці.

І толькі апошняе слова ў прытомнасць

Вяртае з нябыту мяне.

Жыву я ў натоўпе, памру я ў натоўпе,

Пачуўшы чацвёртае “не”.

Мне страшна да сцюжы ў пакрыўленых венах,

А цені смяюцца наўкол.

Сырое і пыльнае, як сутарэнне,

Жыццё прапануе спакой.

Маўчу, бо прывыкла маўчаць па прымусе,

Калі ж на апошнім радку

Пакінуўшы драпіну, я спатыкнуся, –

Сваю не працягвай руку…

30.05.04

*

Я пайду далёка-далёка:

Там ляжаць на зямлі аблокі,

Там апошні з няўчутых прарокаў –

Местачковы бадзяга-паэт.

Я вазьму з сабой кіслы яблык

І забуду салодкія мары.

Неразумная гэта справа –

Падсалоджваць пракіслы свет!

Ты ж услед мне не скажаш нічога.

І паселіцца ў сэрцы трывога.

Я не думала быць адзінокай

І пакінуць цябе аднаго.

Мне ў дарозе прысніцца твой голас

Усяго раз ці два – не болей.

Вось і скончыўся – нашай воляй! –

Са спазненнем пачаты год…

31.05.04

 

(с) Вольга Базылёва, 2004



Hosted by uCoz
Домой Почта