Hosted by uCoz

 

Вольга Базылёва

Новыя вершы

*

Мяне амаль няма.

І ў гэтым шэрым свеце -

У мой апошні дзень -

Звініць апошні вецер,

Жабруе па дамах

І, стукаючы ў шыбы,

У зморшчаных руках,

Працягнутых для крыўды,

Нясе глыток віна

З кіслінкай развітання.

Мяне амаль няма.

Усё амаль звычайна -

У неспакойных снах.



</FONT><FONT FACE=

*

І дождж спяшаецца амыць душу,

Нядужную палонніцу спякоты.

Я азірацца болей не хачу

І ўсё ж аднойчы азірнуся ўпотай…

Я поўню нашай стрэчы патушу.

У спадзяванні, што душа не з’ёлкла,

Сляпую ноч таропка дажыву,

А на дасвецці - уздыхну з палёгкай,

У росах астудзіўшы галаву.

Дастану з шафы крылы.

Буду лётаць…



</FONT><FONT FACE=

*

Хадзілі па небе,

Запальвалі зоркі...

Я і ты.

А нехта нашэптваў:

"Зоркі пагорклі,

Зоркі рассыпаліся на дым".

Ну, што ж, няхай

Палыновая зорка,

Горкая зорка жыве.

Толькі б не адчужэнне,

Не сорам,

Не асалодны здзек.

Горкая зорка

Далонь апякае –

Я дацярплю, зберагу.

Будзе здавацца:

Душа нямая,

Будзе балець, што не давяраю, –

Проста вазьмі за руку.



</FONT><FONT FACE=

*

Па ночы маладзік

Спяшаўся нацянькі

Ад вечара да раніцы,

А з кім

Вяла размову я?

Здараецца,

Не ўспомніць нават позірку,

Не ўспомніць

Свайго адбітку...

У вачах насупраць.

Поцемкі –

І нас ужо няма.

Сумна...

Апошні май

У годзе.



</FONT><FONT FACE=

*

Калі паўзе кузюрка па траве,

Па высахлай былінцы танканогай,

А я, стаіўшыся пад нізкім небам,

Сачу за ёю, супыняю подых;

Калі са свежай драпіны

Дзве кроплі

Крыві

Спяшаюцца знайсці зямлю,

Але лісток трыпутніка знаходзяць –

Зямныя сокі гояць драпіны душы.

І хто б саказаў, што я не разумею,

І хто б сказаў, што гэта несур'ёзна!

А я ніколі не пайду назад...

Я ведаю, я веру, я жыву...

Магчыма, я кахаю!..



</FONT><FONT FACE=

*

Калі над цяпельцам

Схіляюцца зоркі,

Я грэю далоні, як ліст, дрыжучы,

А дрэвы адмерваюць цемру высока

І стоена вецер у лісці маўчыць.

Ты – цень ля цяпельца,

Ты – дрогкае сэрца,

Ты – мной адшуканы няўлоўны пагляд.

І восень...

Таксама прысела пагрэцца

Ля вогнішча, што запаліў лістапад.

Чырвонае лісце

Згарэла, імгліцца,

І блізкія зоркі ўкрывае туман.

Аслаблыя пырскі.

Апошнія знічкі.

А мне б твае рукі ў сваіх

Затрымаць...



</FONT><FONT FACE=

*

Сыграны першы такт

Апошняга імгнення.

Запознены ліхтар

Раскінуў святлацені.

Даверліва ў далонь

Прыселі дзве сняжынкі

Й патрапілі ў палон.

Расталі – і прывыклі...

Дзве кропелькі вады

Сцяклі таропка з пальцаў.

Цяжкі адліжны дым

Рассеўся на асфальце.

Зіму не пазнаю!

Мароз. Зырчэюць зоры.

Зялёную траву

Апанавала змора.

Імклівы лістапад

Трасе пасохлым лісцем.

Азябла шэпча сад:

"Да сэрца прытуліце!.."



</FONT><FONT FACE=

*

У прагорклай вадзе

Ціхай сажалкі

Патанала хвіліннае шчасце.

Расціскала пальцы

І падала

Лісце ў журботным танцы.

Дыхалі грудзі

Туманным вечарам,

А вочы жылі цяпельцам,

І толькі нагам,

Без пары знявечаным,

Здавалася: сцежка парвецца.

На досвітку

Цені зрабіліся светлымі;

Я памыла ў вадзе далоні.

Дрэвы стаялі

Нерухомымі сведкамі

Нараджэння інакшага СЁННЯ.



</FONT><FONT FACE=

*

Хочаш кавы? –

Выпі кубак ночы.

Забываю

Плакаць толькі моўчкі.

Солена –

А ўсё адно салодка.

Колькі нам

З табой быць паасобку?

Гавару –

Няма каму паслухаць.

Стрэча рук –

Паслуга за паслугу.

Ты і я –

Зімы нямыя цені.

Першы збой:

Мне крылы – для падзення.

Хочаш ночы? –

Выпі кубак кавы.

Вуснаў хочаш?

Толькі будзь ласкавым...



</FONT><FONT FACE=

*

Сіні тралейбус

Прыснуў на прыпынку.

Лёгкі марозік.

Рыпяць чаравікі,

І я, пад пахай

Трымаючы кнігу,

Проста дахаты

Па снезе іду.

Вецер прыслухаўся,

Вецер стаіўся.

Тонкія цені,

Ліхтарныя пырскі.

Той, хто сляды

Пакідаў тут калісьці,

Пэўна ўжо дома

І грэе ваду,

Хутка заварыць

У кубку гарбату

З чорнай парэчкі,

Рамонкаў і мяты.

Я паспяшаю

Па снезе дахаты,

Быццам там

Нехта чакае даўно.

Толькі па снезе –

Няёмка і слізка,

А ў косы поўні

Зоркі ўпляліся.

Той, хто ўжо дома,

Гарбаты напіўся.

Лёгкі марозік.

Зімовая ноч.

Я абмінаю

Сумёты й самоту,

Я зазіраю

Ў вокны... употай,

Я толькі ў вочы

Гляджу неахвотна:

Боязна мне,

Што свае застужу.

Той, хто ўжо дома,

Заснуў у пакоі,

Б'ецца дыханне яго

Трапяткое,

Але на кухні

Пакінуў святло ён,

Як я дахаты прыйду –

Патушу.



</FONT><FONT FACE=

*

На апошняй лужыне асенняй –

Павуцінне льду.

Вечар кінуў мне пад ногі цень мой –

Я па ім іду,

А наўкол стаяць прывіды-гмахі,

Горад трызніць сном.

Як адолець холад тонкіх пальцаў

Ветру?

Мо, агнём?

Данясу да скрыжавання свечку,

Каб паваражыць:

Той, хто змерзне першы ў гэты вечар,

Доўга будзе жыць...

Восень як пажоўклую старонку

Самай вечнай з кніг,

Дачытаўшы, без ваганняў доўгіх,

Я спалю ў агні.

Прынясе іскрынку ачышчэння

Гэта ноч на свет:

Па апошняй лужыне асенняй

Пройдзе першы снег.



</FONT><FONT FACE=

*

Без цябе мне было ўчора

Горка –

Я цукерку ўзяла

Пад язык.

Ціха плакала на панадворку

Завіруха,

Прабабка адліг.

Я твой голас чула –

У ветры,

Ты паклікаў бы,

Я пайшла б.

Разматала зіма кіламетры

Ледзянога крохкага шкла.

Патыхала цяплом

Ад пледа,

Не хавала я зябкіх плячэй.

Быў ты ўчора адзін

І не ведаў:

Мне з цукеркай

Яшчэ гарчэй...



</FONT><FONT FACE=

12 снежня

Час прачынацца:

Праменьчык казыча

Павекі.

Быццам у казцы,

На вулках –

Малочныя рэкі.

Свежая раніца.

Тонкая шэрань

На вецці.

Снежань і пятніца,

І на гадзінніку –

Дзевяць.

Недзе за вокнамі

Мякка ступаюць

Трамваі,

А я пад коўдраю

Ранішні сон

Дасынаю.

Час прачынацца.

Сцюдзёным паветрам

Пакоя

Хуценька

Вымыю вочы

Ад мараў і мрояў.

Лапінку неба

Знайду

Пад гарачай падушкай.

Пятніца. Снежань.

У дзевяць

Прачнулася птушкай.



</FONT><FONT FACE=

*

Там, дзе сцены помняць дотык

Маіх позіркаў і рук,

Я зніму з сябе турботы

І – у шафу прыбяру.

Запалю старую лямпу

І з гары папер і кніг

Выцягну сузор'яў мапу,

Каб уночы іх прысніць.

За акном дождж сыпле крошкай,

І, нябачны, у кутку

Лічыць часавыя крокі

Мой гадзіннік да "ку-ку".

Ліпнуць вейкі. Глухнуць гукі.

Вечар ходзіць па вадзе.

На бясконцых мокрых вулках

Не сустрэць яму людзей.

Глухнуць гукі. Ліпнуць вейкі.

Разгарнула кніжку сноў.

Шыйкі выцягнулі кветкі:

Ім сузор'яў не відно...



</FONT><FONT FACE=

*

Я веру, што недзе там,

Дзе кропка

Спыняе сказ,

Не хопіць словаў радкам,

Каб выказацца за нас.

І мы, з асалодай сяброў,

Усё ж патрывожым

Пыл

На кнігах няспраўджаных мрой,

На кнігах скалечаных крыл.

Нальецца са скроняў боль

Ва ўсе закуткі душы.

Напісанае табой

У стосах,

У шафах ляжыць.

Шматкроп'е сваё адмаўчыць,

І новы пачнецца сказ.

У лабірынтах паліц

Словы

Не выкажуць нас...



</FONT><FONT FACE=

*

Я сёння сама не свая,

Згубіла светлы настрой

І выпадковага вераб'я

Накарміла тваім бутэрбродам.

Памылковы рэбус:

Ты + Я.

Я побач з табой?

Ну, толькі што ў навальніцу,

У непагоду!

Пад адным парасонам у галаву –

І ў тваю, і ў маю –

Прыходзяць тыя ж самыя думкі,

А сёння сонца –

Значыць я слёзы лью,

А ты смяешся –

Сварымся...

Да першага пацалунку.

 

Домой Почта Словарь

© Вольга Базылёва, 2004.


Hosted by uCoz