…пра Данчыка…

Не, я нічога не ўпусціла, нічога не забыла. Насамрэч, на гэтым свеце існуе яшчэ адзін голас, які вось ужо амаль 16 год прымушае мяне трапятаць, хвалявацца, дапамагае верыць у жыццё і жыць. З гэтага голаса нарадзіліся Мая Беларусь, Мая Беларуская Мова, Мае Любімыя Паэты і Мае Вершы…

Дзве касеты з запісамі Данчыка я берагу як каштоўнасць. Вельмі баюся іх згубіць або сапсаваць, таму што сёння, як і ўсе гэтыя 16 год, якія доўжыцца маё знаёмства з яго голасам, запісы Данчыка знайсці ў Мінску нялёгка.

У верасні 1989 года мама прывяла мяне на адзін з першых канцэртаў Данчыка ў Мінску. Я помню не так ужо і шмат – мне было сем год, – але самыя яркія моманты канцэрта і спадарожныя абставіны больш-менш помняцца і сёння. Палац прафсаюзаў, хол з выставай жывапісу, вельмі халодны і шэры. Вялікая зала. Людзі сядзелі густа, ніводнага вольнага месца. Вядучы Віталь Сямашка распавёў нам перадгісторыю гэтых канцэртаў, расказаў пра Данчыка, аднак першым спяваў не Данчык, а яго сябар Лявон Барткевіч, былы саліст “Песняроў”. Потым выйшаў Данчык, той самы Данчык. Яму амаль 31, але гэта быў прывабны юнак, з шчырай усмешкай, з незабыўным голасам. Тое, ЯК ён гаварыў, ЯК спяваў, ЯК адказваў на пытанні, - у найвышэйшай ступені “шляхетнасць” манер, для нас тады незнаёмая.

Канцэрт закончыўся… і ўсё. Час ад часу яго можна было пачуць па радыё, пабачыць адзін з канцэртаў 1989 года па тэлебачанні, а вось запісаў, касет не было… І не было ніякага шансу іх набыць. Першая касета Данчыка, якую я трымала ў сваіх руках, якую, хвалюючыся, перапісвала сабе, прыехала ў Мінск з Нью-Йорка. Гэта быў падарунак ад Юліі Андрусішынай, маці Данчыка, аднаму знаёмаму. Гэта касета жыве ў мяне і сёння, ужо ў другім перазапісе. Першая ж копія, заслуханная да дзірак, проста рассыпаецца на вачах. Час хутка ляціць. Але застаюцца ў памяці падзеі снежня 1996 года. Мне 14, прайшло роўна сем год. Я гэтак жа верна слухаю Данчыка, я гэтак жа веру яго голасу. Я чакаю яго. І раптам: 18 снежня – Данчык у Мінску! І немагчыма набыць квіткі, абсалютна немагчыма. І мае слёзы…

Квіткі ўсё-такі былі, таксама ад знаёмых, якія ахвяравалі сваімі месцамі ў зале дзеля мяне. А для мяне гэта было шчасцем, палётам. І нават тое, што міліцыя праводзіла вобыск людзей, якія прыйшлі на той канцэрт у Філармонію, не сапсавала настрою. І нават доўгае чаканне пачатку канцэрта ў халодным холе не зменшыла маёй радасці. Таму што гэтым вечарам для мяне і людзей побач спяваў Данчык. Спяваў неверагодны, зусім беларускі, зусім родны голас. Гэта была праграма з каляднымі песнямі на розных мовах. І тады ж, праз некалькі месяцаў, у маёй фанатэцы з'явілася яшчэ адна касета Данчыка, адна 90-хвілінная, на якой былі запісаныя адразу два альбомы.

Пра Данчыка я заўсёды расказвала сябрам і знаёмым, у гімназіі рабіла паведамденне пра яго для канферэнцыі, на ўрокі беларускай літаратуры прыносіла яго запісы, песні на вершы беларускіх паэтаў, творчасць якіх была тэмай заняткаў.

У маёй першай часопіснай публікацыі я без вагання назвала творчасць Данчыка крыніцай свайго першага паэтычнага натхнення. А калі праз чатыры гады пасля гэтай публікацыі – у 2002 годзе – выйшла з друку мая кніга “Крылы ў шафе”, на фотаздымку я была з гітарай і… з Данчыкам – яго здымкам-ксеракопіяй з часопіса “Маладосць” 1990 года.

Як бачыце, маё жыццё, асабліва творчае жыццё, непарыўна звязана з Данчыкам. І таму сёння я адкрываю старонку, прысвечаную яму, дзе размяшчу ўсю тую інфармацыю, якую мне ўдалося сабраць за 16 год, а таксама спасылкі на матэрыялы інтэрнета.

P.S. З 1996 года я чакала новага канцэрта ў Мінску, але ў той год, калі мне споўнілася 21, знайшла ў інтэрнеце інфармацыю, што Данчык вырашыў больш не выступаць.

P.P.S. Спадар Багдан, я вельмі ўдзячна Вам за тое, што Вы падарылі беларусам свой голас. “А калі не спяваць аб Радзіме, дык навошта наогул спяваць?” Праўда?

Вольга Базылёва
3 лютага 2005

Біяграфія Данчыка
Галерэя Данчыка
Кантактная інфармацыя

Беларускія СМІ пра Данчыка (з майго архіва):
Данчик – с нами!
Першая мая мова
"Маладосць" віншуе Данчыка з Новым годам!
Поет душа белорусская
Беларускія гастролі Данчыка
Победы недели. Данчик
Рождественские вечера с Данчиком
Данчык. Калядныя песьні
Дзякуй Вам за тое, што ў далёкай Амерыцы жыве Беларусь (про бабушку Данчика Янину Кохановскую)

Тэксты і ноты песень, якія гучаць у выкананні Данчыка (з майго архіва):
Беларусь мая
Туманы

Рознае (з майго архіва):
Квіткі на канцэрт Данчыка "Калядныя песні" 18 снежня 1996 года, Белдзяржфілармонія
Касета з двума альбомамі Данчыка, выпушчаная БМА-group

Пра Данчыка ў інтэрнеце:
Пра Данчыка з кнігі Лявона Барткевіча
Данчык – шлях да Беларусі
Данчик в Минске
Альбом «Мы яшчэ сустрэнемся»
Альбом «Беларусачка»
Альбом «Калядныя песьні»
Альбом «Калядныя песьні»

Вярнуцца на старонку МАЕ ЛЮБІМЫЯ ГАЛАСЫ



Hosted by uCoz